Валекс Буяк, які дзеля бойкі з Аляксандрам
Лукашэнкам гатовы далучыць сябе да беларускай апазіцыі, даў інтэрвію
Еўрарадыё. На днях майстар усходніх адзінаборстваў публічна прыняў
выклік кіраўніка Беларусі. Нагадаем, апошні заявіў:
"Хочаце лоб у лоб мне супрацьстаяць, выходзьце на футбольную, хакейную пляцоўку! Біцца будзем, страляцца будзем!"
А вось што адказаў Валекс Буяк: "Прымаю
выклік, хай выходзіць! Магу выйсці на татамі, рынг, па любых правілах
любых адзінаборстваў. Каратэ гатовы выключыць, бо я майстар каратэ, каб
прыраўнаць умовы".
Валекс Буяк – асоба незвычайная. Аматар
японскай культуры, ён доўга прафесійна займаўся ўсходнімі
адзінаборствамі, у сярэдзіне 90-х заснаваў Цэнтар японскай культуры і
выдавецтва. Быў ён і прадзюсарам папулярнага ў 90-х музычнага дуэта "Дзі
Бронкс і Наталі”.
Цяпер жа Валекс Буяк больш вядомы як былы ўдзельнік папулярнага шоў "Бітва экстрасэнсаў" на канале ТНТ – чалавек, які мае незвычайныя здольнасці.
Валекс Буяк:
"Я добра бачу верагодную будучыню, менавіта верагодную, бо яна не на
100% вызначаная. Я магу і змяняць будучыню, але гэта многа энергіі
патрабуе, раблю гэта вельмі рэдка, і лепей у гэта ня ўмешвацца. А часцей
за ўсё ў форме пытанне-адказ, мне трэба спытаць нешта канкрэтнае ў
астралу. Вось чаму я ў Мінску не прадказаў гэтую падзею..."
Дарэчы, Валекс Буяк лічыць, што выканаўцы выбуха пакуль што не затрыманыя.
Майстар
ўсходніх адзінаборстваў мае і іншы не зусім прыемны досвед – амаль 8
гадоў ён правёў у зняволенні па абвінавачанні ў стварэнні фінансавай
піраміды.
Валекс Буяк: "Тое, што апісваў
Міхалевіч, па паняццях нашых турмаў, гэта не катаванні – гэта побыт.
Побыт, з якім яшчэ можна існаваць. А катаванні – так, і катаванняў там
хапае... Я памятаю, са мной у камеры быў адзін дагестанец, па пашпарце
беларус. З ім любую размову завядзеш, і праз пару хвілін ён яе
пераводзіць у аповед, як яго білі. Так яго гэта эмацыйна закранула!
Прычым, наколькі я магу меркаваць, часта б'юць моцных і здаровых,
відаць, нейкі комплекс непаўнавартаснасці ёсьць у супрацоўнікаў".
Валекс
Буяк кажа, што яго крымінальная справа была пад асабістым кантролем
кіраўніка краіны. Маўляў, яму падалі гісторыю ў пэўным ракурсе, пасля
чаго сам Лукашэнка даў указанне, каб Валекс сядзеў доўга і як махляр. З
іншага боку, дадае суразмоўца, трапіўшы за краты, ён застаўся жывы і
пазбег смерці праз сваю бізнэс-дзейнасць, і гэтаму Лукашэнка пэўным
чынам паспрыяў.
Валекс Буяк: "Таму зла я на яго не трымаю. Але накастыляў бы яму з задавальненнем (смяецца)"
Я пытаюся ў Валекса, ці не баіцца ён публічна прымаць выклік на
бойку, выказаны кіраўніком краіны. Ці не прывабіць гэта нядобрую ўвагу з
боку ўладаў?
Валекс Буяк: "Думаю, яны ўвесь
час пра мяне не забываюць. Калі ўжо трапіў у чорны спіс – дык гэта
надоўга, калі не назаўсёды. Таму няма сэнсу хавацца, гэта як трус, якім я
быць не хачу. Я беларускі нармальны заяц, які будзе біцца, стукаць у
свой барабан да апошняга (смяецца). Вось і стукаю ў сваім блогу"
Экстрасенс
Валекс Буяк робіць свой прагноз: Лукашэнка пазбавіцца ўлады ў 2012
годзе. На чале краіны стане кіраўнік, больш арыентаваны на Расію. Але ў
наступныя выбары пераможа іншы, празаходні, які будзе паспяхова
абараняць беларускія нацыянальныя інтарэсы.
|